Вершы
Адмарозіў лапкі
Коцік басаногі
Па сняжку гуляў,
Адмарозіў лапкі
I заплакаў: — Мяў...
Што за дзіва гэта?
Трэба бегчы ў дом:
Снег такі халодны,
А пячэ агнём...(Іван Муравейка)
Адуванчык
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер —
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі. ( Авяр’ян Дзеружынскі)
Аладкі
Я аладачкі з пяску
Сёння цэлы дзень пяку,
Але мой рахманы кот
Не бярэ аладкі ў рот.
— Коцік, коцік, не ўцякай!
Чаго хочаш?
— Ма-ла-ка! (Вольга Іпатава)
Бусел
Даўганогі землямер
Схапіў жабу за каўнер,
Па траве павалачыў,
У канаве намачыў,
Вострым носам дзеўбануў,
Уздыхнуў і — праглынуў. (Васіль Вітка)
Верабей
Верабейка:
– Ціў-ціў-ціў! –
Муху дзюбаю злавіў.
А таму, што быў ён добры,
То з сябрамі падзяліў.
Елі муху ўсе са смакам.
Шчабяталі:
– Дзякуй!
– Дзякуй! (Ларыса Геніюш)
Ветлівыя словы
«Калі ласка», «дзякуй», «добры дзень» —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Ветлівымі словамі
Трэба даражыць,
З ветлівымі словамі
Лёгка жыць. (Таццяна Кляшторная)
Вожык
Бяжыць вожык —Тупу-туп!
Сам калючы,
Востры зуб.
— Вожык, вожык,Ты куды?
Ад якой бяжыш
Бяды?
Вожык лапкамі
Туп-туп!
Вожык вочкамі
Луп-луп!
Навакол
Пануе ціш.
Чуе вожык —
У лісці мыш.
Ён да лісця
Тапу-тап!
I лапкаю мышку —
Цап! (Алег Лойка)
Восенню ў садзе
На галіне тонкай
Яблыкі вісяць.
I гадае хлопчык:
— Як жа іх дастаць?
Выручыў малога
Вецер палявы,
Страсянуў галіну
I гукнуў:
— Лаві!.. (Іван Муравейка)
Вушкі
— Вушкі, вушкі,
Што вы чулі?
— Чулі песеньку Ганулі:
«Гулі-гулі,
Гулі-гулі».
— Вушкі, вушкі,
Што вы чулі?
— Нам нічога не чуваць,
Прыйшлі козы начаваць,
Танцаваць ды прыпяваць:
«Не хоча Гануля
Вушкі свае мыць,
Будзем з казлянятамі
Тут, у вушках, жыць». (Нэлі Тулупава)
разгарнуць » / « згарнуць